Episoder
-
Чым далей, тым больш выклікаў паўстае і перад усім светам, і перад беларусамі як часткай гэтага свету і працэсаў у ім. І калі для СМІ і НДА ды розных культурных і навучальных ініцыятыў прыйшлі складаныя часы з перамогай Трампа, то для іншых актуальнейшымі застаюцца пытанні легалізацыі на фоне змянення (і не ў лепшы бок) міграцыйнай палітыкі ў розных краінах. А ёсць яшчэ пагроза вайны, якая можа прыйсці і ў краіны ЕС, і ў Беларусь. Ёсць і пагроза з боку лукашэнкаўскага рэжыму і яго спецслужбаў: як для тых, хто застаецца ў Беларусі, так і для тых, хто з’ехаў у вымушаную эміграцыю. Як ёсць і расчараванне ў лідарах, дэмсілах і структурах дэмсупольнасці.
Ці здольныя выжыць СМІ і НДА толькі пры падтрымцы беларусаў і ці патрэбныя тыя СМІ беларусам сёння насамрэч? Ці час для спорту падчас вайны і ці хутка здымуць бан з беларускіх спартоўцаў? Ці не час дэмсілам “самараспусціцца” і пра што сведчыць сітуацыя з Мельнікавай? На гэтыя ды іншыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё адказвае медыяменеджар, сузаснавальнік папулярнага спартыўнага рэсурса Tribuna.com, гендырэктар і сузаснавальнік медыяхолдынгу Tribuna Digital Дзмітрый Навоша -
Manglende episoder?
-
Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая прыняць да 150 тысяч працаўнікоў з Пакістану і "забяспечыць іх усім неабходным". Па нейкім супадзенні, прыкладна столькі вакансій сёння афіцыйна адкрыта ў Беларусі. А яшчэ ні для каго ўжо не сакрэт, што ў Беларусі жахлівы кадравы крызіс, звязаны з палітычнымі рэпрэсіямі і эканамічнымі мігрантамі.
Абмяркоўваем гэта з палітыкам і блогерам Аляксандрам Кныровічам. Таксама абмяркуем грошы, знятыя з рахунка зніклай Анжалікі Мельнікавай, наступствы рэгулявання цэнаў па "формуле Турчына", двухтыднёвыя прастоі на беларускіх прадпрыемствах і новую дырэктыву пра адсутную ідэалогію беларускай дзяржавы. -
Журналісты "Нашай Нівы" выявілі сакрэтнага агента лукашэнкаўскіх спецслужб, які, па сцвярджэнні расследвальнікаў, пад выглядам “ціхага айцішніка-эмігранта” выехаў разам з жонкай у Літву, дзе і працуе ў кампаніі “Варгеймінг”. Падставай для такіх абвінавачванняў у бок Фёдара Гарбачова стала нібыта наяўнасць у яго пашпарта прыкрыцця, які выдаецца агентам на час выканання задання. Пікантнасці усёй сітуацыі дадае тое, што ўзгаданая жонка — вядомая журналістка. Якая і за мяжой працягнула сваю журналісцкую дзейнасць.
Ці ёсць падставы ў журналістаў "Нашай Нівы" сцвярджаць пра наяўнасць у мужа Вольгі пашпарта прыкрыцця і што, на яе погляд, не тое з іх доказамі? Чуткі пра тое, што яе муж “агент”, віруюць некалькі гадоў — адкуль, на яе погляд, яны маглі з’явіцца? Ці былі да сям’і Вольгі Сямашкі пытанні з боку літоўскіх ці польскіх спецслужбаў і ці гатовыя яны прайсці паліграф? На гэтыя ды іншыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё адказвае журналістка Вольга Сямашка -
Набірае магутнасць супрацьстаяння і фактычна гандлёвая вайна паміж Кітаем і ЗША. Практычна да яе ўжо далучыўся Еўрасаюз. Прычым, што адметна, на баку Кітая. Але Дональд Трамп генеруе новыя пагрозы, а ў бок тых, хто імкнецца знайсці выйсце з сітуацыі і спрабуе дамовіцца, кажа здзекліва, што яны “цалуюць яго ў дупу”. І гэтыя эканамічныя выпрабаванні не дадаюць аптымізму ў пытаннях дапамогі Украіне і падрыхтоўкі да супрацьстаяння ваеннай агрэсіі з боку Расіі.
Ці гатовая Еўропа да эканамічнай канфрантацыі з ЗША і чым небяспечная тарыфная кааліцыя ЕС і Кітая? Ці рэальнае стварэнне еўрапейскай арміі і які лёс чакае NATO? Чаму ў Германіі вырашылі зрабіць больш жорсткімі ўмовы для эмігрантаў і як Захад рыхтуецца да расійска-беларускіх вучэнняў “Захад-2025”? Гэтыя ды іншыя тэмы абмяркоўваем у штотыднёвым жывым эфіры Еўрарадыё з палітычным аглядальнікам, гісторыкам Аляксандрам Фрыдманам -
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп увёў дадатковыя гандлёвыя падаткі на імпарт практычна з усіх краін свету. Часам нават з тых, дзе ніхто, апроч пінгвінаў, не жыве. І гэтае рашэнне выклікала як шалёныя абвалы фондавых рынкаў, так і супрацьстаянне паміж дзяржавамі. Да прыкладу, Кітай адразу ўвёў люстраныя тарыфы на імпарт з ЗША, і ў гэтым яго нечакана падтрымаў ЕС. У той жа час шэраг краін, па словах Трампа, звярнуліся да амерыканскіх прадстаўнікоў з мэтай дамовіцца па пытаннях гандлю і падаткаў. Ці, як апісаў гэта Трамп, “тэлефануюць і цалуюць у дупу”.
Як новыя тарыфы ўплываюць на сусветную эканоміку і ці прынясуць яны карысць хаця б ЗША? Чым пагражае Беларусі гандлёвая вайна паміж Кітаем і ЗША і ці здолее на ёй зарабіць Лукашэнка? Гэтыя ды іншыя эканамічныя тэмы абмяркоўваем у жывым эфіры Еўрарадыё з эксперткай у сферы дзяржаўнага кіравання і міжнароднага развіцця, магістаркай эканомікі Алісай Рыжычэнка. -
10 красавіка ў эфіры Еўрарадыё — франтмен гуртоў Volski і Крамбамбуля, мастак, пісьменнік Лявон Вольскі.
Мы апынуліся ў эпіцэнтры вайны. І гэта не толькі рэальная вайна, якая ідзе ва Украіне, дзе ў тым ліку гінуць і беларусы. Сапраўдную вайну на вынішчэнне ўсяго беларускага, нацыянальнага вядзе і Лукашэнка. Адначасова мы мусім супрацьстаяць “рускаму свету”, які таксама наш вораг. І хоць імперская Расія стала на шлях развалу, што прывядзе і да аслаблення лукашэнкаўскага рэжыму, да перамогі далёка. І мы мусім сканцэнтравацца на тым, каб выжыць і перамагчы ў гэтай вайне дабра і зла, перакананы Лявон Вольскі.
Пра тое, ці з’яўляецца беларускі народ нацыяй і чаму беларусы так мала цікавяцца сваім, чаму без мовы Беларусь не захаваць і як перамагчы ў супрацьстаянні з “рускім светам”, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Лявонам Вольскім. -
Вясна 2025 года стала для Каардынацыйнай рады і яе чальцоў сапраўдным часам выпрабаванняў і турбулентнасці. Спачатку знікла спікерка КР Анжаліка Мельнікава, потым выявілася, што былі спампаваныя ўнутраныя дакументы КР, пачаліся спрэчкі наконт неабходнасці праверкі ўсёй КР на паліграфе… І гэта на фоне ўсеагульнай страты даверу да гэтай структуры і заклікаў самараспусціцца.
Як знікненне Мельнікавай адбілася на ўнутранай атмасферы ў Каардынацыйнай радзе і якія пагрозы гэта нясе? Ці дапаможа аднавіць давер праходжанне чальцамі КР (а можа, і не толькі гэтай структуры) паліграфа? Ці здольныя профільныя камісіі працаваць у такой сітуацыі і як КР здольная дапамагчы беларускім студэнтам за мяжой? На гэтыя ды іншыя пытанні ў жывым эфіры Еўрарадыё адказвае дактарант Карлава ўніверсітэта, гісторык, старшыня камісіі Каардынацыйнай рады па справах студэнцтва Аляксандр Паршанкоў -
Беларускія дэмакратычныя сілы пачалі ўсур’ёз разглядаць пытанне “фармавання міжнародных міратворчых сіл на тэрыторыі Еўрасаюза з удзелам беларускіх добраахвотнікаў”. Гаворка, безумоўна, ідзе не пра тое, што дэмсілы будуць такія сілы фармаваць, а (пакуль) выключна пра стварэнне беларускіх падраздзяленняў у складзе нацыянальных армій краін ЕС і NATO. Ці для пачатку ў тым жа Замежным легіёне. Але пакуль “сілавы блок” дэмсіл не здольны дамагчыся ўхвалення абавязковай працэдуры праходжання паліграфа хаця б для чальцоў Каардынацыйнай рады…
Ці своечасовая прапанова пра стварэнне беларускіх падраздзяленняў у арміях ЕС і NATO і ці ёсць з каго тыя падраздзяленні фармаваць? Якія функцыі меркавана будуць у такіх падраздзяленняў і пры чым тут вызваленне Беларусі? Чаму КР супраціўляецца праверцы сваіх чальцоў на паліграфе і што гэта дасць? На гэтыя ды іншыя пытанні ў жывым эфіры Еўрарадыё адказвае кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзь Манько. -
Абмяркоўваем актуальныя палітычныя падзеі ў штотыднёвай размове з палітолагам Паўлам Усавым.
Дональд Трамп, што абяцаў свету падпісаць мірныя перамовы па Украіне, літаральна за суткі сеў у лужыну — Пуцін не чуе яго пагроз і далей адцягвае пытанне прыпынення агню. Сацыёлаг Рыгор Астапеня і эканаміст Дзмітрый Крук напісалі праграмны тэкст аб смерці праекта “Новая Беларусь”. Беларусы не дачакаюцца дэмакратычнай будучыні краіны ў сярэднетэрміновай перспектыве?
Нявестка Лукашэнкі абышла санкцыі Еўрасаюза праз лобі Славакіі. Няўжо ўсё гэта сведчыць пра слабасць сённяшняй дэмакратыі? На гэтыя і іншыя пытанні паразмаўляем з палітолагам і сябрам руху “Вольная Беларусь” Паўлам Усавым. -
Чарада рэпрэсій, войнаў і хваробаў, што бушуюць у нашым свеце, наводзіць на думкі пра набліжэнне апакаліпсісу. Не за гарамі Страшны суд?
Тэолагі вызначаюць яго як апошні суд, што чыніць Бог над людзьмі з мэтай выяўлення праведнікаў і грэшнікаў і вызначэння ўзнагароды першым і пакарання апошнім.
Тыя, хто шмат грашыў пры жыцці, будуць адпраўленыя ў пекла на вечныя пакуты.
Якія смяротныя грахі здзяйсняюць палітыкі, прапагандысты і стукачы? Ці можна іх загладзіць? Святары — яны ж таксама не святыя?
Пра гэта і не толькі ў эфіры Еўрарадыё размаўляем з тэалагіняй, эксперткай у галіне рэлігіі, палітыкі і праваабароны Наталляй Васілевіч. -
Прэм'ер Турчын прыдумаў спытаць у беларусаў пра іх настроі і чаканні ад наступнай пяцігодкі. У той жа час улады вырашылі даць другі шанец індывідуальным прадпрымальнікам і стварылі новую схему “справядлівага цэнаўтварэння”.
Што будзе з цэнамі і ІП у Беларусі і да чаго прывядуць тарыфы Трампа? Гэта ды іншае ў студыі Еўрарадыё абмяркоўваем з эканамістам Уладзімірам Кавалкіным. -
На выхадных тысячы амерыканцаў выйшлі на прастэст супраць палітыкі Дональда Трампа. Гэта здарылася пасля таго, як прэзідэнт аб’явіў гандлёвую вайну усяму свету. Аналітыкі кажуць, што нічым добрым гэта не скончыцца ні для свету, ні для ЗША. І што ўвогуле цяпер мы назіраем заняпад галоўнага сусветнага жандара.
Дык хто возьме на сябе ролю стабілізатара сусветнага парадку? Пры чым тут Кітай? Навошта Урсуля фон дэр Ляен паехала ў Самарканд да сяброў Лукашэнкі? І ці мае яшчэ шанец праект “Беларусь”?
Пра гэта ды іншае ў 13:00 размаўляем з эксперткай у міжнародных адносінах Розай Турарбекавай. -
31 сакавіка кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак у звыклым для сябе стылі праанансаваў на сваёй старонцы ў фэйсбуку добрыя навіны на наступны дзень. Звычайна ўслед за такімі анонсамі беларусы даведваюцца пра эвакуацыю кагосьці з рэпрэсаваных на Радзіме. Але на гэты раз усё склалася інакш.
Прачнуўшыся раніцай на наступны дзень шмат хто з нас прачыталі навіну на “Нашай ніве” пра эвакуацыю арыштаванай на суткі прапагандыстцы Вользе Бондаравай. Тое, што гэта першакрасавіцкі жарт, зразумелі не ўсе. У хуткім часе, праўда, Андрэй Стрыжак патлумачыў сітуацыю, маўляў Бондарову ніхто не эвакуіраваў, але ў выпадку звароту, яго б разгледзелі. Добра, праехалі. Але дзе абяцаныя добрыя навіны?
Падрабязней пра тое, ці дарэчны гумар на глебе рэпрэсій (асабліва на старонках медыя, якія змагаюцца за давер чытачоў), размаўляем у жывым эфіры Еўрарадыё з самім Андрэем Стрыжаком.
Таксама пагаворым пра рэальныя рэпрэсіі ў нашай краіне, паводзіны сваякоў пры эвакуацыі экс-палітвязняў, скандал вакол “падстаўнога пашпарта” для агентурнай дзейнасці мужа вядомай журналісткі Фёдара Гарбачова, знікненне спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай, заробкі ў BYSOL і шмат пра што яшчэ. -
Дональд Трамп абвясціў свету гандлёвую вайну. Мытамі абкладзеныя больш за 100 краінаў, уключна з бязлюднымі выспамі.
Кітай, экспарт з якога ў ЗША ад часу інаўгурацыі Трампа "падаражэў" на 54%, уводзіць свае дадатковыя мыты і заклікае прэзідэнта ЗША адкаціць усё назад. Еўропа пагражае контрзахадамі. А Трамп адказвае, што трэба "ўсяго толькі" перанесці вытворчасці на тэрыторыю ЗША — і тут ужо ніякіх мытаў.
Як адрэагавалі на крок Трампа біржы і долар? Чым развязалася гісторыя з рэгуляваннем коштаў у Беларусі — там добрыя навіны для беларусаў ці не? Што за "дырэктыва пра дысцыпліну" і якія грошы беларускім чыноўнікам больш нельга траціць на родных і палюбоўніц?
Пра гэта ўсё размаўляем у стрыме з палітыкам і блогерам Аляксандрам Кныровічам - Vis mere