Episodes

  • 20 лютага ў эфіры Еўрарадыё — экспертка ў сферы дзяржаўнага кіравання і міжнароднага развіцця, магістарка эканомікі Аліса Рыжычэнка.

    Для любога чалавека, любога грамадства і любой нацыі важны эканамічны і сацыяльны дабрабыт. Але на шляху да гэтага дабрабыту нельга забывацца на нацыянальныя каштоўнасці. Пытанні ўзмацнення нацыянальнай ідэнтычнасці, развіцця і пашырэння роднай мовы і гістарычнай спадчыны, развіццё культуры павінныя ісці побач з працэсамі эканамічнага развіцця. Мы павінныя будаваць свае эканамічныя, палітычныя і сацыяльныя адносіны выключна на падмурку нацыянальных каштоўнасцяў, перакананая Аліса Рыжычэнка.

    Пра тое, як звязаныя эканоміка і пытанні нацыянальнага абуджэння, чаму беларусы ставяць на першае месца дабрабыт і не дбаюць пра сваю ідэнтычнасць, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Алісай Рыжычэнка.

  • 13 лютага ў эфіры Еўрарадыё — прэзідэнтка асацыяцыі “Беларусы Парыжа”, прадстаўніца Народнай амбасады ў Францыі, сяброўка французскай асацыяцыі “Новыя дысідэнты”, відэакаларыстка Аліса Сыракваш.

    Сёння мы як нацыя знаходзімся (а можа, і знаходзіліся ў такім стане цягам многіх гадоў) у дэпрэсіі. А першы крок, каб выйсці з гэтага стану — пачаць сябе любіць. Нам трэба паглядзець на нас такіх, якія мы ёсць, і пачаць сябе любіць. Палюбіць сябе як нацыю, як культуру, як ментальнасць. Нам жыццёва неабходна пачаць любіць і паважаць сябе незалежна ад стаўлення да нас іншых і не азіраючыся на іншых, перакананая Аліса Сыракваш.

    Пра тое, чаму беларусы больш глядзяць у бок іншых нацый, а сабой не прывыклі ганарыцца, якіх колераў можа быць наша нацыянальная ідэя і як нам захаваць сябе ў эміграцыі, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Алісай Сыракваш.

  • 30 студзеня ў эфіры Еўрарадыё — рок-музыка, франтмен гурта Gods Tower, андэграўндны пісьменнік Уладзіслаў “Lesley Knife” Наважылаў.

    У Беларусі, як і ў шмат якіх іншых краінах, існуюць унутраныя адрозненні паміж жыхарамі розных рэгіёнаў. У нас адрозніваюцца, хай сабе часам і нязначна, народныя традыцыі і абрады, мова і паводзіны. Але мы не павінны імкнуцца усіх навучыць адзінай беларускай мове ці зрабіць аднолькавымі народныя абрады. Нам трэба ганарыцца нашай разнастайнасцю і падтрымліваць яе. Бо менавіта ў ёй, у нашай “рэгіянальнасці” — наша “дзяржаўнае” адзінства, перакананы Уладзіслаў “Lesley Knife” Наважылаў.

    Пра тое, чаму мы павінны падтрымліваць разнастайнасць у межах адной дзяржавы і ці гатовыя беларусы захаваць сваю адметнасць у эміграцыі, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Уладзіславам “Lesley Knife” Наважылавым.

  • 23 студзеня ў эфіры Еўрарадыё — гісторык, культурны антраполаг, пісьменнік, доктар гуманітарных навук Сцяпан Стурэйка.

    Сёння вельмі шмат разважаюць пра дэкаланізацыю і яе неабходнасць, каб нашая нацыя магла вызваліцца з-пад ціску “рускага свету” і нарэшце пайсці сваім шляхам. І дэкаланізацыя нам сапраўды неабходная, але нельга на ёй зацыклівацца і думаць, што як толькі мы “дэкаланізуемся”, то будзе нам нарэшце нашае сапраўды беларускае шчасце. Нам яшчэ неабходная эмансіпацыя: прыняццё саміх сябе такімі, якія мы ёсць, перакананы Сцяпан Стурэйка.

    Пра тое, чаму беларусы па еўрапейскіх мерках — маладая нацыя, чаму мы нацыя рэстаўратараў і што мы рэстаўруем, а таксама пра важнасць усведамлення беларусамі ўласнай суб’ектнасці, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” са Сцяпанам Стурэйкам.

  • 16 студзеня ў эфіры Еўрарадыё — палітолаг, былы баец палка імя Кастуся Каліноўскага, кіраўнік дабрачыннага фонду “Асацыяцыя беларускіх ветэранаў”, сябра Каардынацыйнай рады ад фракцыі “Еўрапейскі выбар” Павел Мар’еўскі.

    Калі нават сітуацыя складзецца так, што полк імя Каліноўскага, іншыя беларускія вайсковыя структуры вымушаныя будуць зайсці ў Беларусь, то толькі для таго, каб зламаць супраціў тых сілавых структур, якія кормяцца з рукі Лукашэнкі і паспрабуюць яго ўладу абараніць. Але ніякай хунты вайскоўцы ўсталёўваць не будуць. Як толькі супраціў рэжымных сілавікоў будзе зломлены, уся ўлада будзе перададзеная палітычным структурам дэмакратычных сіл, перакананы Павел Мар’еўскі.

    Пра тое, якія сцэнары змены ўлады ў Беларусі выглядаюць найбольш імавернымі, ці гатовыя беларусы змагацца за сваю будучыню і чаму беларуская мова — гэта сексуальна, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Паўлам Мар’еўскім

  • 9 студзеня ў эфіры Еўрарадыё — святар беларускага прыходу Канстантынопальскага патрыярхату ў Літве протаіерэй Георгій Рой.

    Сёння беларускае грамадства апынулася ў сітуацыі, калі дзве яго часткі назапашваюць розны жыццёвы досвед. І калі сітуацыя зменіцца і тыя, хто быў вымушаны выехаць з краіны, зможа вярнуцца на радзіму, яны далёка не ва ўсім будуць зразумелыя тым, хто з краіны не выязджаў. І наадварот. А гэта азначае, што нам усім ізноў трэба будзе змяняцца. Каб паразумецца і разам будаваць сваю будучыню. І мы абавязкова гэта зробім і аб’яднаемся, перакананы Георгій Рой.

    Пра тое, чаму Бог нанова выпрабоўвае беларусаў і ці не пакаранне гэта насамрэч, ці ёсць розніца, на якой мове маліцца і як “па-хрысціянску” пакараць злачынцаў, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” са святаром Георгіем Роем.

  • 2 студзеня ў эфіры Еўрарадыё — толкіназнавец, перакладчык, антраполаг і релігіязнаўца Андрэй Строцаў.

    Беларусы любяць параўноўваць сябе з хобітамі — народам, які вельмі моцна прывязаны да свайго кавалачку зямлі, да сваёй сям’і, гаспадарлівых “тутэйшых”, для якіх важнае тое, што адбываецца побач з імі, і якім не цікавае ўсё, што здараецца за “далёкім лесам”. Вось толькі і сама Беларусь спрадвеку, у адрозненні ад Шыра, стаіць на перакрыжаванні гісторыі, і беларусы вымушаныя не толькі адрываць вочы ад любімых градак, але і бараніць сваю зямлю ад чужынцаў. І бараніць — а як на сённяшнюю сітуацыю, то і вызваляць — сваю Айчыну нам яшчэ давядзецца. Гэтак жа, як і Фрода з сябрамі па іх вяртанні з Мордара, перакананы Андрэй Строцаў.

    Пра тое, як на наш менталітэт уплывае наша “тутэйшасць”, чаму беларусы не толькі хобіты, але і эльфы, і гномы, і людзі, і нават оркі адначасова і ці гатовыя мы змагацца за сябе, сваю ідэнтычнасць і сваю радзіму, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Андрэем Строцавым.

  • 26 снежня ў эфіры Еўрарадыё — легенда беларускага супраціву Зміцер “Мірон” Піменаў.

    Словы класіка “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына” павінен ведаць і прапусціць праз сваё сэрца кожны беларус. У гэтых словах — увесь сэнс нашага нацыянальнага жыцця: мы павінны рабіць усё магчымае, каб захаваць тое, што пабудавалі, здабылі і перадалі нам нашы продкі, перакананы Зміцер “Мірон” Піменаў.

    Пра тое, як захаваць, абараніць і перадаць сваім унукам тое, што нам перадалі нашы продкі, як у эміграцыі захаваць сваю ідэнтычнасць і пры чым тут вера і Бог, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” са Змітром “Міронам” Піменавым.

  • 19 снежня ў эфіры Еўрарадыё — драматург, паэтка, акторка, псіхолаг Дзіяна Балыка.

    Амаль у кожным з нас схаваная своеасаблівая беларуская траўма: мы саромеемся сваёй мовы і сваёй гісторыі, прыналежнасці да гэтай нацыі. І сёння для нас усіх, асабліва для тых, хто апынуўся далёка ад Бацькаўшчыны, вельмі важна як мага больш карыстацца беларускай мовай і па-беларуску выхоўваць сваіх дзяцей. Гэта становіцца для нас своеасаблівай псіхатэрапіяй, перакананая Дзіяна Балыка.

    Пра тое, як траўмы аб’ядноўваюць беларусаў, як нам лепш ад гэтых траўмаў пазбаўляцца і чаму так важна захоўваць веру ў няўхільную перамогу, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Дзіянай Балыка.

  • 12 снежня ў эфіры Еўрарадыё — папулярызатар гісторыі, сцэнарыст, журналіст Алесь Кіркевіч.

    Беларусы мусяць вырашыць свае праблемы і навесці парадак у краіне. Хай сабе часам і недэмакратычным шляхам. Колькі часу гэта зойме, толькі Бог ведае, але трэба да гэтага быць гатовымі. І калі парадак будзе наведзены, то настане час для цудоўных эканамістаў, для ІТ-шнікаў, якія вярнуцца з Кіпра: для іх і ўсіх астатніх будзе закон і парадак, перакананы Алесь Кіркевіч.

    Пра тое, чаму свабоду без крыві не здабыць нават у ХХІ стагоддзі, як нам захаваць сябе ў эміграцыі і ці гатовыя беларусы змагацца са зброяй у руках за сваю будучыню, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Алесем Кіркевічам.

  • 5 снежня ў эфіры Еўрарадыё — спецыялістка ў галіне кіравання і арганізацыі, былая прадстаўніца рэктара Uczelni Łazarskiego ў Варшаве, адна з заснавальніц Згуртавання беларускіх студэнтаў у Гомелі, заснавальніца скаўцкай суполкі “Беларускі выведнік” Наталля Арцёменка.

    Беларусы — цалкам унікальная нацыя, і мы можам для пабудовы сваёй краіны, свайго жыцця зрабіць усё самі. Нам не трэба нейкай вялізнай адміністрацыйнай ці бюракратычнай надбудовы над намі, каб нешта працавала, — мы самі зробім усё неабходнае, калі толькі зможам вярнуць сабе краіну. І некалі мы гэтага даможамся і вернем яе сабе, перакананая Наталля Арцёменка.

    Пра тое, чаму нам важна будаваць і захоўваць сувязі паміж сабой, дзе б мы ні знаходзіліся, ці падобная моўная сітуацыя ў беларусаў і ірландцаў і як вярнуць сабе краіну, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Наталляй Арцёменка.

  • 14 лістапада ў эфіры Еўрарадыё — паэт, літаратар, лекар Зміцер Крэс.

    Беларусы не адно стагоддзе імкнуліся даказаць сваё права “людзьмі звацца”. Фактычна гэта стала беларускай нацыянальнай ідэяй, дасягнуць якой падавалася малаімаверным. Сітуацыю змяніў 2020 год, калі мы нарэшце гэтае права даказалі і сабе, і ўсім наўкол. Вось толькі час мінуў, і сёння мы аказаліся ў той жа спрадвечнай нашай сітуацыі, вярнуўшыся да ўсё той жа нацыянальнай ідэі. Але ўжо з перакананнем, што некалі наша мара здзейніцца, перакананы Зміцер Крэс.

    Пра тое, чаму нацыянальная ідэя ў беларусаў ёсць даўно, але нават нам самім не падабаецца, чым нацыянальная ідэя адрозніваецца ад беларускай мары і як нам саміх сябе пераканаць у тым, што Беларусь — гэта мы, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” са Змітром Крэсам.

  • 21 лістапада ў эфіры Еўрарадыё — рэпер і педагог Зміцер “Вожык” Зайко.

    Мы знаходзімся ў часе, калі вымушаныя змагацца не толькі за сваё выжыванне і будучыню, але і за выжыванне і будучыню Беларусі. Таму мы змагаемся не для таго, каб змагацца, а для таго, каб нарадзіць нешта новае, чыстае, светлае. Каб паказаць усяму свету, што мы ёсць, перакананы Зміцер “Вожык” Зайко.

    Пра тое, чаму Беларусь — гэта найперш пра любоў, навошта нам ведаць сваю гісторыю і пра тое, якую будучыню мы хочам пабудаваць для сябе і сваіх нашчадкаў, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” са Змітром “Вожыкам” Зайко.

  • Нас увесь час пераконваюць у тым, што мы не нацыя, а нейкія недарэкі, што мы нейкія недаробленыя, што нас няма, што мы не такія як ёсць, а нейкія зусім іншыя. А мы спрадвеку толькі таго і хочам, каб ад нас адчапіліся ўрэшце. Бо ў нас ёсць нашая зямля, па якой хадзілі нашыя продкі, дзе ходзім мы, дзе будуць хадзіць нашыя дзеці — мы ёсць, не замінайце нам папросту жыць! І мы гэтага даможамся, бо “Беларусь жыве і жыве вечна!”, перакананы Валер “Дарога” Руселік.

    Пра тое, чаму беларусаў не зламіць ніякімі выпрабаваннямі, ці здолеем мы адрадзіцца пасля новай хвалі русіфікацыі і рэпрэсій пасля 2020 года, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Валерам “Дарогай” Руселікам.

  • 31 кастрычніка ў эфіры Еўрарадыё — першы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

    Для таго, каб рухацца па плыні часу ў кірунку, які б адпавядаў нашым нацыянальным інтарэсам, трэба не толькі ўмоўная лодка і матор на ёй, але і веданне правільнага накірунку для такога руху. Адпаведна, спачатку нам трэба вызначыцца не толькі са сваімі нацыянальнымі інтарэсамі, а што нават найперш, са сваёй ідэнтычнасцю, са сваёй нацыянальнай ідэяй. Мы не здолелі зрабіць гэта раней і таму мусім выканаць гэтую працу цяпер, перакананы Франак Вячорка.

    Пра тое, чаму беларусам важна вызначыцца са сваёй ідэнтычнасцю, як зразумець свае нацыянальныя інтарэсы і ці павінна нашая нацыянальная ідэя абавязкова быць "сэксі", мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Франакам Вячоркам.

  • 24 кастрычніка ў эфіры Еўрарадыё — былая старшыня Згуртавання беларусаў Канады, шматгадовая сяброўка галоўнай управы ЗБК, сяброўка дырэктарата Беларускага інстытута навукі і мастацтва, галоўны бізнес-аналітык, удзельніца фальклорнага ансамбля “Яваровы людзі” Валянціна Шаўчэнка.


    Для беларусаў спрадвеку вельмі важна мець сваё. Але часам у нас вельмі розныя погляды на гэтае “сваё”. І вось калі гэтыя нашыя розныя погляды на нашае “сваё” ў нейкім пункце сыдуцца — толькі тады сфармуецца нацыя. Але пакуль нашае “сваё” даволі далёка адно ад аднаго, перакананая Валянціна Шаўчэнка.

    Пра тое, чаму беларусам так складана паразумецца і ці патрэбная нам нейкая асаблівая беларуская ідэнтычнасць, чаму так важна захаваць сувязь з каранямі і роднай зямлёй, нават калі ты ад той зямлі вельмі далёка, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Валянцінай Шаўчэнка.

  • 17 кастрычніка ў эфіры Еўрарадыё — сяброўка суполкі Belarus FREEDOM Philadelphia, сузаснавальніца кампаніі Sokol GxP services, клінічная фармацэўтка, спявачка Марыя Астапенка.

    І тым беларусам, хто з’ехаў з краіны даўно, баліць за лёс Бацькаўшчыны, усе хочуць для краіны лепшай долі. І хай пераважная большасць такіх эмігрантаў ужо не вернецца на радзіму, многія з іх будуць рабіць усё магчымае, каб дапамагчы ёй, калі сітуацыя зменіцца, перакананая Марыя Астапенка.

    Пра тое, чаму важна верыць у светлую будучыню беларускай Беларусі, ці вернуцца эмігранты на Бацькаўшчыну і як звязаныя бізнес і нацыянальная свядомасць, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Марыяй Астапенка.

  • 10 кастрычніка ў эфіры Еўрарадыё — былы палітвязень, прадстаўнік Беларускай асацыяцыі палітвязняў “Да Волі” Алег Кулеша.

    Мы мусім думаць і рабіць усё магчымае не толькі для таго, каб вызваліць Беларусь ад лукашэнкаўскай навалы і расійскай акупацыі, але і каб нашы дзеці выраслі сапраўднымі беларусамі. Каб яны не страцілі сувязь са сваімі беларускімі каранямі. Каб яны, атрымаўшы адукацыю на Захадзе, вярнуліся ў Беларусь не толькі адукаванымі, але і свядомымі беларусамі, перакананы Алег Кулеша.

    Пра тое, чаму нам важна не толькі не забыцца пра злачынствы рэжыму ў дачыненне да беларусаў, але і захоўваць у сабе сваю беларускасць, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Алегам Кулешам.