Episodes
-
Сенат ЗША разгледзіць законапраект аб новых жорсткіх санкцыях супраць Расіі. Дакумент падтрымалі больш за 60 сенатараў ад абедзвюх партый, а за дапамогу Маскве ў абыходзе санкцый прапануюць караць нават 100-працэнтнымі тарыфамі.
Тым часам у ЗША ўсё больш увагі да транснацыянальных рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі, а дэмакратычныя сілы спрабуюць перабудаваць працу з беларусамі за мяжой. У Варшаве Святлана Ціханоўская стварае новы офіс-хаб для беларусаў.
Што азначае новая санкцыйная палітыка ЗША для Расіі і Беларусі? Ці можа ўзмацненне ціску на Маскву паўплываць на рэжым Лукашэнкі? Як беларуская дэмакратычная супольнасць павінна працаваць з дыяспарай — і ці атрымліваецца ў яе гаварыць з беларусамі ўнутры краіны? І чаму рэжым працягвае пераследаваць беларусаў нават за межамі краіны?
Пра гэта і не толькі ў эфіры Еўрарадыё гаворым з эксперткай па палітычнай камунікацыі Анастасіяй Касцюговай -
Лукашэнка прапануе адпраўляць кепскіх работнікаў у войска. Беларускія сілавікі ўсё больш цікавяцца TikTok і іншымі платформамі, дзе ўлада не кантралюе інфармацыйны парадак дня. А эксперты ўжо сур'ёзна абмяркоўваюць, як можа прайсці транзіт улады ў Беларусі і што адбудзецца пасля Лукашэнкі.
Ці становіцца армія яшчэ адным інструментам пакарання і прымусу? Чаму рэжым усё больш баіцца сацыяльных сетак? І ці можа Беларусь пасля Лукашэнкі атрымаць не перамены, а проста новага кіраўніка пры старой сістэме?
Пра гэта і не толькі ў эфіры Еўрарадыё гаворым з Аляксандрам Класкоўскім -
Андрэй Шымановіч — беларускі бізнесмен, які стаў вядомым дзякуючы шпіёнскаму сэрвісу mSpy. Праграма дазваляла сачыць за чужымі тэлефонамі і збіраць велізарныя масівы асабістых дадзеных. Пасля некалькіх буйных уцечак інфармацыі Шымановіч пераключыўся на іншыя мабільныя дадаткі — але і яны, як высветліла расследаванне, атрымліваюць доступ да геалакацыі, кантактаў, фота, мікрафона і іншых дадзеных карыстальнікаў.
Пры гэтым бізнес Шымановіча звязаны з Беларуссю і Еўропай, а сам ён — з сям'ёй былога паплечніка Лукашэнкі Віктара Шэймана.
Як працуе сетка кампаній бізнесмена? Чаму беларускія дадаткі прадаюцца як еўрапейскія? Куды могуць трапляць дадзеныя мільёнаў карыстальнікаў? І як чалавек з такімі сувязямі і гісторыяй атрымаў від на жыхарства ў Літве?
Пра гэта і не толькі ў эфіры Еўрарадыё гаворым з журналістамі-расследавальнікамі "Бюро Медыя" Ксеніяй Вязнікоўцавай і Аляксеем Гуліцкім -
Адносіны паміж Беларуссю і Украінай застаюцца напружанымі, а паміж Украінай і Польшчай нарастаюць спрэчкі вакол гісторыі, бяспекі і ўзаемных чаканняў. На гэтым фоне Лукашэнка спрабуе захаваць для сябе хоць нейкую прастору для манеўру паміж Расіяй, Украінай і Захадам. Ці магчымы перазапуск беларуска-ўкраінскіх адносін? І ці не становіцца Польшча новым галоўным цэнтрам рэгіянальнай палітыкі?
А тым часам Іран, вайна і кліматычныя змены мяняюць саму архітэктуру міжнароднай бяспекі. Як гэтыя працэсы паўплываюць на Беларусь і Усходнюю Еўропу? І якім будзе наш рэгіён праз некалькі гадоў?
Пра гэта і не толькі ў эфіры Еўрарадыё гаворым з паліталагіняй і кандыдаткай гістарычных навук Розай Турарбекавай -
Расія вырашыла ўмяшацца ў справу Літвы супраць Беларусі ў Міжнародным судзе ААН, дзе Мінск абвінавачваюць у арганізацыі міграцыйнага крызісу. Масква заяўляе пра "палітызацыю міжнароднага права", але ці не выглядае гэта як спроба не проста абараніць саюзніка, а ўзяць на сябе частку яго міжнароднай адказнасці?
Тым часам Лукашэнка праводзіць чарговыя кадравыя перастаноўкі ў кіраўніцтве Узброеных сіл: двух генералаў звольнілі ў запас, прызначаны новыя кіраўнікі тылу і баявой падрыхтоўкі. Што стаіць за гэтымі рашэннямі — звычайная ратацыя ці падрыхтоўка арміі да новай рэальнасці?
Пра гэта і не толькі ў эфіры Еўрарадыё гаворым з доктарам палітычных навук Паўлам Усавым.
Таксама абмяркуем, ці магчымы сёння дыялог і прымірэнне паміж беларускім грамадствам і рэжымам. Ці сапраўды ўлада не пакідае месца для нармалізацыі, а вызваленне палітвязняў — гэта не шлях да кампрамісу, а спроба перажыць крызіс без сапраўдных змен? -
Мінфін Расіі прыпыніў аўкцыёны па размяшчэнні аблігацый федэральнай пазыкі. Ведамства спаслалася на неабходнасць стабілізаваць сітуацыю на рынку і не паведаміла, калі аўкцыёны адновяцца. Расія планавала прыцягнуць у трэцім квартале 1,5 трыльёна рублёў, але першы ліпеньскі аўкцыён стаў найгоршым амаль за год.
Тым часам у Расіі назапашваюцца праблемы і на нафтавым рынку: нафты становіцца занадта шмат, а попыт і магчымасці для яе продажу скарачаюцца. На гэтым фоне пачаўся распродаж прыватных аўтазаправак.
Што адбываецца з расійскім дзяржаўным доўгам? Ці можа прыпыненне аўкцыёнаў быць прыкметай сур'ёзных праблем з фінансаваннем бюджэту? Чаму ў Расіі адначасова ўзнікаюць праблемы з нафтай, запазычаннямі і прыватным бізнесам? І як усё гэта можа паўплываць на Беларусь?
Пра гэта і не толькі ў эфіры Еўрарадыё гаворым з эканамічным аглядальнікам выдання "Беларусы і рынак" Андрэем Махоўскім -
РПЦ афіцыйна замацавала прыналежнасць Беларускай праваслаўнай царквы да Маскоўскага патрыярхату. А ў беларускіх школьных "аздараўленчых" лагерах дзяцей вучаць страявой і ваенна-тактычнай падрыхтоўцы, водзяць у вайсковыя часткі і знаёмяць з арміяй.
Што адбываецца з рэлігіяй і выхаваннем у Беларусі? Чаму каталіцкія святары аказваюцца за кратамі, а дзяцей усё часцей рыхтуюць да жыцця ў ваеннай сістэме?
Як даўно Беларусь стала краінай, дзе Масква вызначае, якой павінна быць царква, а рэжым — якім павінна быць новае пакаленне?
Пра гэта і не толькі ў эфіры Еўрарадыё гаворым з тэалагіняй і праваабаронцай Наталляй Васілевіч -
Што такое waithood — "жыццё ў чаканні"? Гэта стан, калі чалавек ужо даўно дарослы, але нібыта не можа пачаць паўнавартаснае дарослае жыццё: знайсці стабільную працу, набыць жыллё, стварыць сям’ю, нарадзіць дзяцей ці проста зразумець, дзе будзе жыць праз год.
Для беларусаў і беларусак гэтая тэма асабліва актуальная. У эміграцыі — праз легалізацыю, эканамічную няўпэўненасць, праблемы з дакументамі і пастаяннае пытанне: заставацца ці вяртацца? У Беларусі — праз рэпрэсіі, страх, праблемы з працай і немагчымасць планаваць жыццё ва ўмовах, калі заўтра можа змяніцца ўсё.
І вайна побач толькі дадае гэтай будучыні непрадказальнасці.
Ці можна будаваць сям’ю, калі ты не ведаеш, у якой краіне будзеш жыць заўтра? Чаму эміграцыя для многіх становіцца не новым жыццём, а доўгім перыядам чакання? І ці можа чалавек у Беларусі таксама жыць у стане "пастаўленага на паўзу" жыцця — калі рэпрэсіі і страх прымушаюць адкладаць планы, важныя рашэнні і нават само адчуванне бяспекі?
Ці сапраўды беларусы адкладаюць жыццё — ці проста вымушаныя жыць у рэальнасці, дзе доўгатэрміновае планаванне стала рызыкай?
Пра гэта і не толькі ў эфіры Еўрарадыё пагаворым з сацыялагіняй і гендарнай даследчыцай Аленай Агарэлышавай.
А калі застанецца час, правядзём невялікі эксперымент: папросім ChatGPT падабраць пяць самых распаўсюджаных міфаў пра гендар і фемінізм — і разам з госцяй разбяромся, дзе там стэрэатып, дзе маніпуляцыя, а дзе, магчыма, нешта больш складанае -
Удары па расійскай нафце і лагістыцы, рэкорднае падзенне прахадных балаў у беларускія медуніверсітэты і новы бунт працоўных мігрантаў з Узбекістана. Што ўсё гэта кажа пра стан эканомік Расіі і Беларусі?
Ці сапраўды ўдары па складах Wildberries могуць стаць сур'ёзнай праблемай для расійскага рытэйлу? Наколькі адчувальныя для Масквы атакі на нафтавую інфраструктуру? Чаму беларуская моладзь усё менш хоча станавіцца лекарамі — і што будзе з беларускай медыцынай праз некалькі гадоў? І чаму новыя працоўныя мігранты ўжо на старце патрабуюць лепшых умоваў, чым ім прапанавалі?
Пра гэта і не толькі гаворым з эканамічнай аглядальніцай і галоўнай рэдактаркай выдання Plan B Вольгай Лойка ў эфіры Еўрарадыё -
У Беларусі завяршаецца ўступная кампанія. Для многіх сем'яў гэта не толькі час выбару, але і час канфліктаў, градус якіх падвышаецца ад страху за тое, што дзіця могуць забраць у армію.
Ці абавязкова паступаць адразу пасля школы? Што рабіць, калі выпускнік яшчэ не разумее, кім хоча быць? І як бацькам падтрымаць дзіця, калі нешта пайшло не па плане, каб не ператварыць няўдачу ў жыццёвую трагедыю?
Тым часам у Польшчы шырокі рэзананс выклікаў выпадак, калі дарослы мужчына некалькі хвілін абражаў і запалохваў у грамадскім транспарце дзяўчат-падлеткаў з Украіны. Мужчына прызнаў віну, і цяпер яму пагражае некалькі гадоў за кратамі, але ў сацсетках знайшліся тыя, хто пачаў шукаць апраўданні агрэсару і вінаваціць саміх дзяўчат.
Чаму грамадства так лёгка перакладае адказнасць з дарослага на дзіця? Дзе заканчваецца “правакацыя” і пачынаецца гвалт? І чаму дарослы чалавек нясе адказнасць за свае паводзіны незалежна ад абставін?
Пра гэта і не толькі ў жывым эфіры Еўрарадыё гаворым з псіхалагіняй і спецыялісткай па метадзе КПТ Ліліяй Хедзінай. -
Узбекі нарабілі шуму, ледзь толькі паспелі прыехаць у Беларусь. Не пабачыўшы абяцаных умоваў і заробкаў, яны пачалі гучна абурацца. І ўмовы, і заробкі адразу ж з'явіліся!
Відаць, яны не чулі, як на "Славянскім базары" Лукашэнка ўгаворваў артыстаў, а разам з імі і іншых беларусаў "не лезці ў палітыку". І палезлі. І аказалася, што так можна хутка і чотка адваяваць сваё.
Пра ўсе гэтыя жарсці, а таксама пра канфлікт паміж першым дарадцам Святланы Ціханоўскай Франакам Вячоркам і беларусамі, якія жывуць ва Украіне, размаўляем з блогерам Аляксандрам Кныровічам. -
Беларускія падаткавікі пачалі адкрыта пагражаць тым, хто здае нерухомасць, абяцаючы "адміністратыўку" нават за дробныя парушэнні. Тым часам Нацбанк уводзіць новыя абмежаванні на рынках аўто, жылля і турызму, спрабуючы сілай выціснуць валюту з абароту.
Ці сапраўды ўлады "заўважаць кожнага", хто спрабуе зарабіць лішнюю капейку? І ці не ператворыцца прымусовая "дэвалютызацыя" ў чарговы параліч для важных рынкаў, дзе людзі традыцыйна давяраюць толькі долару?
А пакуль беларусам прапануюць зацягнуць паясы, заробкі чыноўнікаў растуць удвая хутчэй, чым у астатніх — на 15,1% супраць 7,5% у сярэднім па краіне. Пры гэтым спроба замяніць беларусаў, якія з'язджаюць, таннай працоўнай сілай з Узбекістана пачынае трашчаць па швах: мігранты ўжо публічна скардзяцца на заробкі і просяць адправіць іх дадому.
Чаму дзяржапарат багацее на фоне агульнага падзення даходаў? Ці змогуць улады ўтрымаць замежных рабочых абяцаннямі, якія не выконваюцца? І што чакае беларускую эканоміку, калі такія бізнесы, як брэнд Honar, спыняюць працу?
Гэтыя і іншыя тэмы абмяркуем у жывым эфіры Еўрарадыё з эканамісткай Алісай Рыжычэнка. -
16 ліпеня ў эфіры Еўрарадыё — прадстаўнік Беларускай асацыяцыі палітвязняў “Да волі” і грамадскай арганізацыі “Акцыі беларусаў у Варшаве” Васіль Плешкуноў.
Беларуская нацыя, беларуская дзяржава не зможа існаваць, калі не верне сабе сваё. Пачынаючы ад краіны, дзе пануюць прыхадні з суседняй дзяржавы, і працягваючы сапраўдным буларускім духам нашага народа. Гэта і наша мова, і наша культура, і нашы традыцыі, і наша гісторыя. Але мы мусім не толькі вяртаць, але і развіваць гэтую беларускасць, рабіць яе сучаснай і адпаведнай часу. Ну, і не менш важнае — вярнуць у дзяржаву нашу беларускую справядлівасць, перакананы Васіль Плешкуноў.
Пра тое, чаму нельга спыняцца ў сваім імкненні не проста вярнуцца на радзіму, але і вярнуць сабе тую радзіму, як аднавіць справядлівасць і ці магчыма гэта без люстрацыі, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Васілём Плешкуновым. -
Улады ўсё часцей гавораць пра штучны інтэлект як пра адну з галоўных тэхналогій будучыні. У Нацыянальнай акадэміі навук запэўніваюць, што ШІ ўжо дапамагае ў сельскай гаспадарцы, медыцыне, працы дронаў і нават распазнае галасы птушак.
Але ці сапраўды Беларусь гатовая да тэхналагічнага рыўка, ці гэта чарговая прыгожая справаздача?
Тым часам навуковец Сяргей Бесараб прааналізаваў апублікаваную ўладамі справаздачу па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе будучага пункта захоўвання радыеактыўных адходаў БелАЭС — і сцвярджае, што ў дакуменце ёсць сур'ёзныя праблемы і рызыкі, пра якія афіцыйна амаль не гавораць.
Ці сапраўды праект настолькі бяспечны, як запэўніваюць чыноўнікі? Чаму на вывучэнне трохсотстаронкавай справаздачы грамадскасці далі ўсяго два тыдні? І чым гэта можа пагражаць не толькі Беларусі, але і суседнім краінам?
Пра гэта і не толькі гаворым у жывым эфіры Еўрарадыё. - Montre plus