Episodi

  • Перад чарговай электаральнай кампаніяй, якія беларускія ўлады называюць выбарамі, гарады моцна змяняюцца. Па ўсім горадзе мы бачым плакаты і банэры, дзе на фоне чырвона-зялёнага сцяга вялізнымі лічбамі напісана дата бліжэйшых «выбараў». Кіраўніцтва дзяржаўных устаноў збірае супрацоўнікаў і супрацоўніц, каб нагадаць, як важна аддаць свой «грамадзянскі доўг» і прагаласаваць на выбарах. Пажадана – датэрмінова. Школы, каледжы, цэнтры культуры і некаторыя іншыя ўстановы ператвараюцца ў выбарчыя ўчасткі, а іх супрацоўнікі і супрацоўніцы – у сябраў выбарчай камісіі. Пра тое, што цікавае адбываецца ў беларускіх гарадах з нагоды бліжэйшага электаральнага мерапрыемства, пагаварылі з дзейнай дэпутаткай Мінгарсавета Вольгай Цесаковай.Як змяняюцца беларускія гарады перад чарговай электаральнай кампаніяй? Якая карысць можа быць ад людзей, якія стаяць на вуліцах з пікетамі? Чаму варта галасаваць на выбараз мясцовых Саветаў, калі не верыць у іх шчырасць? Ці магчыма гарадскім актывістам і актывісткам стаць дэпутатамі і дэпутаткамі? Што добрага для горада могуць зрабіць дэпутаты і дэпутаткі, калі ў іх вельмі сціплыя паўнамоцтвы?

  • Можа падавацца, што незалежных СМІ ў Беларусі амаль не засталося. Гэта не зусім так. Шэраг недзяржаўных выданняў усё яшчэ працуе ў краіне, а тыя рэдакцыі, што былі вымушаныя з’ехаць, прыкладаюць усе магчымыя намаганні, каб заставацца ў кантакце са сваёй аўдыторыяй і актуальнай павесткай. Як бы гэта самая аўдыторыя не была стомленая ад навінаў, людзей усё адно цікавіць, што адбываецца ў месцы, дзе яны жывуць. Прынамсі, у іх уласным горадзе. Таму рэгіянальныя медыі застаюцца моцным фактарам, які ўплывае на гарадское жыццё. Пра тое, як менавіта працуе ўплыў медыя на горад і гараджан з гараджанкамі, пагаварылі з галоўным рэдактарам Hrodna.life Аляксеем Шотам.Як узнікалі рэгіянальныя медыі? Ці можа артыкул нешта змяніць у горадзе?Што не так з “Гродзенскай праўдай”? Наколькі бяспечна выкрываць людзей, якія жывуць зусім побач? Як працуюць рэгіянальныя медыі ў выгнанні? Ці магчыма падтрымліваць сувязь з аўдыторыяй на адлегласці? Чаму вялікім выданням так важны рэгіянальныя?

  • Episodi mancanti?

    Fai clic qui per aggiornare il feed.

  • Перыядычна ў Гродне ўспыхваюць «археалагічныя скандалы». Грамадскасць і частка спецыялістаў і спецыялістак па гісторыі абураюцца тым, як іншыя спецыялісты і спецыялісткі праводзяць (або не) раскопкі ў пэўных месцах. Апошні гучны скандал адбыўся ў 2022 годзе пры будаўніцтве гандлёвага цэнтра на плошчы Савецкай. Але навошта ўвогуле праводзіць у горадзе нейкія раскопкі, перш чым нешта пабудаваць? Разбіраемся са спецыялісткай па археалогіі і суаўтаркай праекта «Крывіцкі край» Вікторыяй Тарасевіч.Чаму ў Гродне ўвесь час адбываюцца нейкія «археалагічныя скандалы»?Навошта ўвогуле «капаць» гарады?Што такога шкоднага робяць «чорныя капальнікі»? Чым адрозніваюцца раскопкі ад археалагічнага нагляду? Дзе абавязкова праводзіць раскопкі, а дзе – не? Як зрабіць так, каб праклён скарбу не спрацаваў? Чаму ў Беларусі амаль не праводзяць раскопкі месцаў масавага пахавання часоў Другой сусветнай вайны?

    Больш пра археалагічны скандал 2022 года ў Гродне: https://hrodna.life/articles/siamashka-budoulia-2/

    Як можна вырашыць праблему з раскопкамі ў цэнтры Гродна: https://hrodna.life/articles/ne-doraga-ale-velmi-prestyizhna-chamu-grodna-patrebna-ulasnaya-arhealagichnaya-ekspedyitsyiya/

    Археалагічны праект «Крывіцкі край»: https://www.instagram.com/kryvicki.kraj

    Археалагічны падкаст «Байкі ля вогнішча»:

    https://kryvickikraj.mave.digital/

  • Апошнія гады зіма ў нашых гарадах больш нагадвае познюю восень ці раннюю вясну: тэмпература каля нуля, снег выпадае і тае ў тую ж ноч, слізкія сцежкі і шэрае неба. Праз глабальныя змены клімату тэмпература расце і ападкаў становіцца ўсё больш. Пры гэтым гарады, якія будаваліся пад іншыя ўмовы надвор’я, часта не даюць рады падладзіцца пад новыя патрэбы гараджан і гараджанак. Ці можна з дапамогай асаблівага праектавання зрабіць так, каб у гарадах усё ж было камфортна нават з улікам кліматычных зменаў? Разбіраемся разам з прадстаўніцай Менскай Урбаністычнай Платформы Ілонай Эльяшэвіч.Як гарады (не) змяняюцца ў розныя поры года?Дзе хавацца ад моцнага ветру?Чаму шырокія палі пасярэдзіне горада – дрэнная ідэя?У чым карысць фантанаў улетку?Што дапамагае не паслізнуцца ўзімку?Якім чынам архітэктура ратуе ад сезоннай хандры?

  • Затрыманні маладых людзей - закладчыкаў забароненых рэчываў, рэйды сілавікоў на падпольныя лабараторыі, выказванні службоўцаў з Міністэрства ўнутраных спраў, якія выступаюць за ўсё большыя тэрміны па «наркатычных» артыкулах - такія інфармацыі з’яўляюцца ў медыях рэгулярна. Значыць, псіхаактыўныя рэчывы нейкім чынам існуюць і распаўсюджваюцца ў нашых гарадах. Як гэта адбываецца, чаму ў нас так шмат ілжывых стэрэатыпаў пра псіхаактыўныя рэчывы і як выглядаюць гарады з больш ліберальнай наркапалітыкай, чым у Беларусі, пагаварылі з наркаактывістам Міхасём.Чаму “псіхаактыўныя рэчывы”, а не наркотыкі? Як гэтыя рэчывы трапляюць у беларускія гарады? Хто распаўсюджвае “закладкі”? Чаму каменні ў парку могуць быць не такімі простымі, як падаецца? Ці праўда, што людзі, якія спажываюць псіхаактыўныя рэчывы, уяўляюць небяспеку для гараджан і гараджанак? Дзе хаваюцца знакамітыя прытоны?

  • Адна з сацыяльных груп, якой цяжка знайсці сабе месца ў сучасным гарадскім асяроддзі, гэта дзеці і падлеткі. Праз аб’ектыўныя фізічныя абмежаванні і тыя ўзроставыя абмежаванні, якія накладае на іх грамадства, яны заўсёды залежаць ад рашэнняў дарослых. Таму і ва ўзаемадзеянні з горадам яны вельмі абмежаваныя. Менавіта таму на дарослых ляжыць адказнасць, каб гэта ўзаемадзеянне было для дзяцей бяспечным, цікавым і карысным. Разбіраемся разам са спадарыняй Лізаветай з Менскай Урбаністычнай Платформы. Чаму бацькам з вазочкамі бывае складана? Як дзецям шкодзяць дамы без ліфтаў? Чаго бракуе дзіцячым пляцоўкам? Чаму бацькі баяцца пакінуць дзяцей адных у двары? Што не так з тыповымі школьнымі будынкамі? Дзе падлеткі бавяць час пасля школы, і да чаго тут архітэктары?

  • Беларускія гарады перад зімовымі святамі ўпрыгожваюць з неверагодным для гарадоў суседніх краін размахам. Хаця традыцыя ставіць ялінку на цэнтральнай плошчы (https://hrodna.life/2023/12/18/best-christmas-tree/), аздабляць дрэвы ў парках ліхтарыкамі і ўсталёўваць светавыя кампазіцыі з каляднымі персанажамі існуе і ў Беларусі, і ў суседзяў, менавіта беларускія гарады могуць пахваліцца найбольшай колькасцю разнастайных упрыгожанняў. У гэтым годзе па ўсім Гродне ўсталявалі 10 вялікіх ялінак, а святочная ілюмінацыя асвятляе ўвесь цэнтр і нават некаторыя мікрараёны. У чым праблема ўсёй гэтай прыгажосці? І чаму экаактывісты і экаактывісткі раяць быць больш сціплымі? Разбіраемся разам з прадстаўніцай арганізацыі “Зялёны тэлефон” Палінай Бурко.

    Чаму кіламетры ліхтарыкаў – гэта занадта шмат? Колькі ялінак мусіць быць у горадзе? Чаму птушкі і эколагі не любяць салюты? Адкуль раніцай 1 студзеня на плошчах брудныя пластыкавыя кубачкі? Што не так з ялінкамі ад прадпрыемстваў у парку Жылібера? (вось яны: https://t.me/urbanhrodna/1557)

    Зялёны тэлефон: https://greenphone.help/bel/

  • Сёння нашмат больш ахвотна і адкрыта чым раней вядуцца размовы пра псіхічныя захворванні. Шмат хто з вядомых людзей не саромеецца падзяліцца сваёй гісторыяй змагання з ментальнымі разладамі ў сацыяльных сетках, а рэгулярныя наведванні псіхатэрапеўтаў і псіхатэрапеўтак становяцца нормай для ўсё больш шырокіх колаў. Хаця ў сучасных беларускіх гарадах шмат людзей з псіхіятрычнымі дыягназамі, не менш і тых, хто называе спецыялізаваныя клінікі «дуркамі» ці «псіхушкамі», жартуе з людзей, якія жывуць на вуліцы Шчорса (у Гродне на гэтай вуліцы знаходзіцца псіхіятрычна-наркалагічны шпіталь), і з пагардай глядзіць на так званых «гарадскіх вар’ятаў». Так ці інакш, людзей, якія маюць псіхічныя захворванні, уплываюць на гарады, а гарады ўплываюць на іх. Як адбываецца гэты ўзаемны ўплыў, пагаварылі з беларускай псіхіаактывісткай, якая вядомая пад псеўданімам Пані Мыш.На што хварэюць “гарадскія вар’яты”? Чаму пра псіхіятрычныя клінікі заўсёды шмат гарадскіх легенд? Як дапамагчы чалавеку, які праяўляе прыкметы псіхічнага нездароўя? Дзе шукаць дапамогу ў сучасных беларускіх гарадах? Колькі ў Беларусі засталося псіхіактывістаў і псіхаактывістак? Чаму не варта называць цэнтры псіхіятрыі “псіхушкамі”?

    Беларуская псіхаасветніцкая платформа “Галасы”: https://t.me/galasy_bel

    Навукова-папулярнае медыя пра ментальнае здароўе “Крыша”: https://taplink.cc/krysha.media

    Канал з водгукамі на псіхіятраў і псіхатэрапеўтаў: https://t.me/psyby

  • Сучасны горад – гэта не толькі будынкі, дарогі і людзі паміж імі. Горад – гэта вялізная пляцоўка для культурнай разнастайнасці і творчых эксперыментаў. Праявы гэтых эксперыментаў мы бачым, напрыклад, у песнях вулічных музыкаў на Савецкай вуліцы і ў графіці на старых забудовах па вуліцы Лізы Чайкінай. Аднак ёсць у гарадах месцы, дзе можна эксперыментаваць у інстытуцыялізаванай форме - культурніцкія прасторы. Як такія прасторы функцыянуюць, чым яны адрозніваюцца ад класічных устаноў культуры і чаму важна, каб яны былі ў нашых гарадах, паразмаўлялі з менеджаркай Лізаветай Шалай.Ці можна лічыць ДК культурніцкімі прасторамі? Чым адрозніваюцца культурніцкія прасторы і ўстановы культуры? Навошта ў 21 стагоддзі бібліятэкі? Чым адрозніваецца музей ад галерэі? Навошта ў СССР стваралі ўстановы культуры? Чаму вакол бараў і галерэй узнікаюць супольнасці?Як культурніцкія прасторы змяняюць гарады?

    Чытайце таксама:

    Мастакам у Гродне няма дзе паказваць працы — замест галерэй яны выстаўляюцца ў барах і кафэ: https://hrodna.life/articles/iskusstvo-2023/

    Канцэрты ў Гродне сыходзяць у падполле, на выступах — табу на «палітыку». Што будзе з культурай далей: https://hrodna.life/articles/koncerty-2023/

  • Насамрэч, варта казаць не «бюджэт горада», а «мясцовы бюджэт» - па аналогіі з «дэпутатамі мясцовых саветаў». Бо, прынцып працы з бюджэтам у Беларусі аднолькавы і для гарадоў, і для раёнаў. Стварэнне бюджэту – працэс складаны, бо трэба ўлічыць прыбыткі і расходы насельніцтва, ацаніць, на што трэба выдаткаваць грошы проста зараз, а што яшчэ можа пачакаць, ды не забыцца пра непрадбачаныя траты. Як мясцовы бюджэт фармуецца ў Беларусі, пагаварылі з Вольгай Цесаковай з ініцыятывы «Это наш город».З чаго складаецца гарадскі бюджэт?Як звязаныя супрацоўнікі ДАІ і рэспубліканскі бюджэт?Якая частка грошай ідзе ў рэспубліканскі бюджэт, а якая – у мясцовы?Хто тыя людзі, якія займаюцца размяркоўваннем сродкаў?Што такое легендарны «распіл»?Чаму для фармавання мясцовых бюджэтаў карысна хадзіць на выбары?

    Ініцыятыва «Гэта наш горад»: https://etonashgorod.org/

    Бот зваротнай сувязі ініцыятывы «Гэта наш горад»: https://t.me/BelarusChangeBot

    Інструкцыя, як напісаць зварот да дэпутата: https://etonashgorod.org/kak-napisat-obrashenie

    Вебінар "Мясцовыя фінансы 2023: бюджэты для грамадзян ці чыноўнікаў?": https://www.youtube.com/watch?v=tOP5-aEJUIM

    Вебінар з Вольгай Цесаковай. Як у бягучых умовах вырашаць гарадскія праблемы?: https://www.youtube.com/watch?v=VaPnpTvX7L8

  • Харасмент – гэта абразлівыя паводзіны сэксуальнага характару, якія парушаюць асабістыя межы асобы. Калі хтосьці кранае іншага чалавека або пачынае весці размовы на тэмы датычныя сэксуальнага жыцця без дазволу - гэта харасмент. Некаторыя з нас сутыкаліся з тым, што, напрыклад, у аўтобусе хтосьці кранае нас за інтымныя часткі цела, ці на прыпынку грамадскага транспарту нейкі нецвярозы чалавек раптам кажа, што мы выглядаем сэксуальна. Такі нежаданы інтымны кантакт з незнаёмым чалавек парушае асабістыя межы. Часцей за ўсё з такім парушэннем межаў сутыкаюцца жанчыны.

    25 лістапада пачалася штогадовая міжнародная кампанія «16 дзён супраць гендарнага гвалту». У гэтыя 16 дзён актывісткі па ўсім свеце ладзяць фестывалі, вулічныя акцыі, асветніцкія семінары і дабрачынныя зборы. 26 лістапада ў Вільні адбыўся фестываль «Невінаватая» (https://instagram.com/nevinavataya.vilnius) – акцыя ў падтрымку людзей, якія перажылі хатні гвалт. Пагаварылі з арганізатаркай фестывалю Алінай пра тое, чаму з гвалтам можа сустрэцца і дома, і ў грамадскіх прасторах, і чаму часцей за ўсё гэты гвалт накіраваны ў бок жанчын.

    Старонка акцыі “Невінаватая”: https://instagram.com/nevinavataya.vilnius

    Старонка ініцыятывы “Новыя рэгіёны”: https://instagram.com/newregionsmog

  • Незалежна ад нашага семейнага статусу, побач з намі заўсёды ёсць людзі, якія нявольна дзеляць з намі частку праблем. Гэтыя людзі – нашы суседзі. Усе мы церпім ад праблем з ацяпленнем, газам і электрычнасцю, ад нашэсця пацукоў і прусакоў, ад капітальна рамонту і яго адсутнасці. Пра тое, як і навошта камунікаваць людзям, у якіх часта няма нічога агульнага акрамя бытавых праблем, пагаварылі з эксперткай па супольнасцях Наталляй.Чаму хтосьці ведае сваіх суседзяў і суседак, а хтосьці – не?Навошта пячы пірог, калі пераязджаеш?У якія моманты суседзі і суседкі аб'ядноўваюцца?Як мадэраваць бурлівыя дыскусіі ў двары? Ці варта ісці знаёміцца, калі людзей палохае грукат у дзверы?

    Падкаст пра супольнасці «PRO.Сообщества»: https://www.youtube.com/@pro.4175/videos

  • Часта навігацыяй памылкова называюць указальнікі і шыльды з інфармацыяй аб тым, куды гараджане і гараджанкі мусяць кіравацца. Аднак такія знакі больш карэктна называць «элементамі навігацыі». Бо навігацыя – гэта ўся сукупнасць транспартных сістэм, якая адказвае на пытанне: «Якім чынам можна патрапіць у пэўнае месца?»Як распрацаваць зручную сістэму навігацыі?Чаму некаторыя ўказальнікі - зразумелыя, а некаторыя – не?Дзе шукаць білеты на грамадскі транспарт у незнаёмым горадзе? Колькі моў мусіць быць на ўказальніках? Якія правілы распрацоўкі навігацыі існуюць у Беларусі? Ці проста ў Гродне знайсці патрэбны прыпынак, а ў Мінску – выхад з метро?

    Калі вы не слухалі папярэдні выпуск пра бясшвоўнасць перасоўвання і тое, як зрабіць вандроўкі па горадзе зручнымі, то абавязкова праслухайце яго таксама: https://cozycity.mave.digital/ep-39

  • У вялікіх гарадах, каб патрапіць з аднаго пункта ў іншы, даводзіцца карыстацца грамадскім транспартам. Часта мы нават не можам абысціся адным сродкам транспарту: даводзіцца, напрыклад, перасаджвацца з аўтобуса на тралейбус. Невялікія адлегласці мы можам прайсці пешшу або арандаваць ровар ці самакат. Калі мы гладка і без асаблівых намаганняў трапляем у патрэбнае месца праз розныя сродкі транспарту, то можна казаць пра бясшвоўнасць перасоўвання.

    Пра тое, якой мусіць быць гарадская мабільнасць, пагаварылі з Ілонай Эльяшэвіч з Менскай урбаністычнай платформы.

    Што такое бясшвоўнасць перасоўвання? Дзе нас напаткаюць тыя самыя “швы”?Чаму чакаць перасадкі паўгадзіны – гэта не ок? Колькі часу мусіць займаць вандроўка па горадзе? Як мусяць выглядаць білеты на грамадскі транспарт? Чаму блуканні турыстаў і турыстак – праблемы для ўсяго горада?

    Сайт Менскай Урбаністычная Платформы: https://www.mienskurban.space/

  • 17 мэт устойлівага развіцця – канцэпцыя, якую распрацавала ААН у 2015 годзе. Згодна з мэтамі ўстойлівага развіцця, ліквідацыя беднасці, напрыклад, павінна ісці рука аб руку са стратэгіямі, якія паляпшаюць здароўе і адукацыю, памяншаюць няроўнасць і стымулююць эканамічны рост – і ўсё гэта адначасова змагаецца са змяненнем клімату і працуе над захаваннем акіянаў і лясоў. Адна з 17 мэт – устойлівасць гарадоў. Што ААН разумее пад устойлівасцю гарадоў? Пагаварылі пра гэта з прадстаўніком арганізацыі «Інтэракцыя» Іванам Шчадранком.Што такое ўстойлівы горад?Па якіх крытэрах можна памераць устойлівасць?Як даведацца, ці дастаткова горад бяспечны і інклюзіўны?Чаму Гродна звычайна – на першых месцах рэйтынгаў беларускіх гарадоў?Пра што кажа факт існавання падкаста «Утульны горад» у кантэксце ўстойлівасці?

  • Бяздомнасць – гэта складаная праблема, якая паўстае праз разнастайныя сацыяльныя, эканамічныя і псіхалагічныя прычыны. Большасць з нас гэта праблема не датычыць, пакуль мы не спаткаем апранутых не па сезоне людзей, ад якіх непрыемны пахне. У такія моманты нас ахапляе ўласнае пачуццё агіды, і мы нават не задумваемся, што людзі, якіх мы раптам спаткалі, – гэта, у першую чаргу, людзі, якія трапілі ў вельмі непрыемную жыццёвую сітуацыю.

    Пра тое, чаму некаторыя людзі ў гарадах не маюць сталага жытла, і як ім спрабуюць дапамагчы ў розных краінах свету, пагаварылі з эксперткамі Марыяй і Валерыяй з Менскай урбаністычнай платформай.

    Якія словы выкарыстоўваць, каб казаць пра людзей з досведам бяздомнасці?Ці ўсе людзі, якія жывуць на вуліцы, маюць алкагольную залежнасць?Чаму на вуліцах гарадоў Заходняй Еўропы і ЗША больш людзей з досведам бяздомнасці, чым у Беларусі?Што не так з ідэяй перасяліць усіх, хто не мае дому, у закінутыя хаты ў вёсках?Як агароды і пчолы дапамагаюць рэсацыялізацыі?

    Пост Менскай урбаністычнай платформы пра бяздомнасць: https://t.me/minskurban/1042

    Сайт Менскай урбаністычнай платформы: https://www.mienskurban.space/

  • Гарадскія легенды – тыя гісторыі, якія расказваюць краязнаўцы падчас экскурсій і якія вусна перадаюцца сярод гараджан і гараджанак.

    Пры тым пэўныя матывы паўтараюцца ў самых розных гарадах Еўропы. Напрыклад, гісторыі пра падземныя лабірынты, жабракоў, якія насамрэч прыхоўваюць незлічонае багацце, ды актора мясцовага тэатра, які скончыў жыццё самагубствам на сцэне праз неўзаемнае каханне.

    Гродна не выключэнне: у мясцовым фальклоры мы знойдзем і гісторыі пра падземны горад, і пра жабрака Люціка, і пра прывіда з тэатра лялек. Пра гродзенскія легенды ў падкасце “Утульны горад” пагаварылі з Яўгенам Аснарэўскім – таямнічым краязнаўцам і гісторыкам.

    Дарэчы, Аснарэўскі і сам з'яўляецца вядучым падкаста пра літаратуру "Гаворыць Гродна"! Паслухаць яго разам з сувядучай Ірынай Новік можна тут: https://govorit-grodno.mave.digital

    Яўген Аснарэўскі ў Instagram: https://instagram.com/asnareuski
    Яўген Аснарэўскі ў Facebook: https://www.facebook.com/profile.php?id=100010783908995

  • Візуальныя рашэнні на вуліцах беларускіх гарадоў часта моцна адрозніваюцца ад таго, што мы бачым у Заходняй Еўропе. Скульптуры і помнікі, якія стварылі ўжо ў час незалежнасці, а таксама афіцыйныя банеры, плакаты і графіці на сценах чамусьці шмат у каго выклікаюць пачуццё сораму і не падаюцца эстэтычнымі. У дварах жа можна знайсці ўсякія спрэчныя кампазіцыі: жабкі, намаляваныя на камянях, лебедзяў з аўтамабільных шын, азёры са старой цыраты... Такія ўпрыгожанні часта становяцца аб’ектамі для жартаў у сацыяльных сетках.

    Дык што не так з выяўленчым мастацтвам у беларускіх гарадах? Сабралі для вас меркаванні дызайнер_ак і мастацтвазнаўцаў.

  • Ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека пазначана, што кожны чалавек мае права прымаць удзел у кіраванні сваёй краінай непасрэдна або праз свабодна абраных прадстаўнікоў. Адпаведна, кожны чалавек мае права прымаць удзел у кіраванні сваім горадам. Аднак у сучаснай Беларусі грамадзяне і грамадзянкі амаль не маюць такой магчымасці. Гэта пры тым, што гістарычна на беларускіх землях усё з самакіраваннем было вельмі добра. Чаму адбыліся такія змены? Што не так з мясцовым самакіраваннем у Беларусі? Навошта гэтае самакіраванне патрэбна ўвогуле? Пагаварылі з паліталагіняй Алінай Харысавай.Што такое мясцовае самакіраванне?Чаму ў ВКЛ з ім усё было класна, а ў сучаснай Беларусі – не вельмі?Як звязаны сумленныя выбары і ўзровень жыцця ў горадзе?Чаму лепей, калі кіраўнік ці кіраўніца мясцовай выканаўчай улады – выбарная пасада?Чаму нізавыя ініцыятывы – гэта не органы самакіравання, але шмат робяць для паляпшэння жыцця ў горадзе?

    Instagram палітылагіні Аліны Харысавай: https://instagram.com/alinaharisov

    Ініцыятыва Аліны «Яна/Ёй»: https://instagram.com/yana.joj

    Дадатковае чытво:

    5 фактаў пра самакіраванне ў Гродне часоў ВКЛ - https://hrodna.life/articles/garadzienskaja-azbuka-magistrat/10 крокаў да дэмакратыі. Як развіваць рэгіёны ў Беларусі - https://hrodna.life/articles/10-krokau-da-demakratyii-ales-belyi-ab-tyim-yak-razvivats-regiyonyi-u-belarusi/
  • Малы бізнес – панятак, які мы апошнія гадоў 20 рэгулярна чулі з радыё і тэлевізара. Чыноўнікі сцвярджалі, што робяць усё для падтрымкі малога бізнесу, а банкі прапанавалі бізнесоўцам ільготныя крэдыты. Звычайна малым бізнесам лічыцца небагатая кампанія на некалькі чалавек у супрацьвагу буйным карпарацыям, якія маюць мільёны на рахунках і тысячы супрацоўнікаў. Пра тое, якім чынам і сціплыя кампаніі, і буйныя карпарацыі ці вытворчасці ўплываюць на гарадскую штодзённасць, паразмаўлялі з архітэктаркай Лізаветай з Менскай урбаністычнай платформы.Як узніклі першыя гарады і да чаго тут малы бізнес?Навошта ўладам падтрымліваць дробных бізнесоўцаў?Што змяняюць бары і кавярні ў нашых гарадах?Чаму бар у маленькім горадзе аб’ядноўвае розныя сацыяльныя групы?Калі ў спальных раёнах з’явяцца кавярні?Буйныя прадпрыемствы і гарадское асяроддзе: хто каго?На якія сферы гарадскога жыцця незаўважна ўплываюць гродзенскія заводы?Калі давядзецца ліквідаваць некаторыя прадпрыемствы, што будзе на іх месцы?